У Беларусі за мінулыя суткі было абясточана больш за 2,2 тыс. населеных пунктаў
З-за праходжання снежнага цыклона „Ларс” у Беларусі за мінулыя суткі (26.01) было абясточана больш за 2.200 населеных пунктаў.
Як паведаміла прэс-служба ДВА „Белэнерга”, асноўны ўдар цыклона прыйшоўся на Берасцейскую, Гарадзенскую і Гомельскую вобласці.
На 6 гадзін раніцы 27 студзеня электразабеспячэнне адноўлена ў 1.800 населеных пунктах, работы па ліквідацыі тэхналагічных парушэнняў вядуцца ў 402.
„У няпростых умовах надвор`я аварыйныя брыгады да глыбокай ночы аднаўлялі парушанае электразабеспячэнне ў населеных пунктах, дзе дазваляла тэхнічная магчымасць і ўмовы бяспекі, работы вяліся ўсю ноч. Брыгады ўкамплектаваныя неабходным інструментам, прыладамі, спецвопраткай, аснашчаны спецыяльнай тэхнікай”, — адзначыла прэс-служба.
Да аднаўленчых і рамонтных работ сумарна былі прыцягнутыя 1.400 чалавек і 450 адзінак тэхнікі. Для энергазабеспячэння сацыяльных аб`ектаў і населеных пунктаў задзейнічаюцца рэзервовыя крыніцы сілкавання.
Як папярэджвае Белгідрамет, днём 27 студзеня ў асобных раёнах зноў чакаецца мокры снег. На асобных участках дарог захаваецца галалёдзіца.