У Беларусі за суткі зарэгістравана 1.356 выпадкаў COVID-19



За мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.356 выпадкаў COVID-19, памерлі 10 чалавек з каранавіруснай інфекцыяй, выпісаныя з бальніц 1.295 пацыентаў, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасць новых выпадкаў COVID-19 працягвае зніжацца шостыя суткі запар: 18 студзеня іх было зафіксавана 1.899, днём раней — 1.924, 16 студзеня — 1.933, 15-га — 1.941, 14-га — 1.967, 13-га — 1.972. Рэкорд захворвання прыпаў на 12 снежня 2020 года — 1.975 хворых.

Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у краіне дасягнула 228.716, памёр 1.601 пацыент з каранавірусам. Ачуняла 212.074 чалавекі.

За мінулыя суткі выканана 8.932 тэсты на каранавірус (усяго — 4.280.314).

Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі 19 студзеня пачынаецца вакцынацыя расейскай вакцынай „Спадарожнік V” медыцынскіх работнікаў, якія знаходзяцца ў зоне рызыкі. Перш за ўсё плануюць прышчапіць 2 тыс. 285 медработнікаў у Менску, 3 тыс. 460 — у Берасцейскай вобласці, 3 тыс. 260 — у Віцебскай, 4 тыс. 365 — у Гомельскай, 1 тыс. 735 — у Гарадзенскай, 1 тыс. 610 — у Магілёўскай, 2 тыс. 485 — у Менскай вобласці. Прыблізна 800 доз прызначана для медработнікаў рэспубліканскіх устаноў.

Міністэрства аховы здароўя размеркавала вакцыну па рэгіёнах у залежнасці ад заявак устаноў аховы здароўя.

belapan.by