У Беларусі за суткі зарэгістравана 1.766 выпадкаў COVID-19, памерлі 10 чалавек
За мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.766 выпадкаў COVID-19, памерлі 10 чалавек з каранавіруснай інфекцыяй, выпісана з бальніц 2.339 пацыентаў, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасць новых выпадкаў COVID-19 знізілася: 30 студзеня іх было 1.852. Рэкорд захворвання прыйшоўся на 12 снежня 2020 года — 1.975 хворых.
Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у краіне дасягнула 248.336, памерлі 1.718 пацыентаў з каранавірусам. Ачунялі 235.838 чалавек.
За мінулыя суткі выканана 19.358 тэстаў на каранавірус (усяго — 4.472.745).
У Беларусі 19 студзеня пачалася вакцынацыя медработнікаў ад каранавіруса расійскай вакцынай „Спадарожнік V”. Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, гэтую працэдуру прайшлі ўжо каля 10 тыс. спецыялістаў па ўсёй краіне — больш за 51% медработнікаў, якія выказалі жаданне прышчапіцца ў першую чаргу.
Пасля ўрачоў, медсясцёр стацыянараў і паліклінік, спецыялістаў станцый хуткай дапамогі вакцынаваць пачнуць работнікаў устаноў адукацыі, сацработнікаў і іншых асоб. На днях у Беларусь паступіла яшчэ адна партыя вакцыны — 20 тыс. доз.
Масавую вакцынацыю насельніцтва Міністэрства аховы здароўя мае намер пачаць крыху пазней. Цяпер спецыялісты збіраюць інфармацыю пра тых, хто хацеў бы прайсці яе бясплатна.
