У Беларусі за суткі зарэгістравана 1.852 выпадкі COVID-19



За мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.852 выпадкі COVID-19, памерлі 10 чалавек з каранавіруснай інфекцыяй, выпісана з бальніц 2.100 пацыентаў, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасць новых выпадкаў COVID-19 нязначна знізілася — 29 студзеня іх было 1.867. Рэкорд захворвання прыпаў на 12 снежня 2020 года — 1.975 хворых.

Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у краіне дасягнула 246.570, памерлі 1.708 пацыентаў з каранавірусам. Ачунялі 233.499 чалавек.

За мінулыя суткі выканана 18.266 тэстаў на каранавірус (усяго — 4.453.387).

У Беларусі з 19 студзеня ідзе вакцынацыя медработнікаў ад каранавіруса расійскай вакцынай „Спутнік V”. Згодна са звесткамі Міністэрства аховы здароўя, гэтую працэдуру прайшлі ўжо прыблізна 10 тыс. спецыялістаў па ўсёй краіне — больш за 51% медработнікаў, якія выказалі жаданне прышчапіцца ў першую чаргу.

Пасля ўрачоў, медсясцёр стацыянараў і паліклінік, спецыялістаў станцый хуткай дапамогі вакцынаваць пачнуць работнікаў устаноў адукацыі, сацработнікаў і іншых асоб. Днямі ў Беларусь паступіла яшчэ адна партыя вакцыны — 20 тыс. доз.

Масавую вакцынацыю насельніцтва Міністэрства аховы здароўя мае намер распачаць крыху пазней. Зараз спецыялісты збіраюць інфармацыю пра тых, хто хацеў бы прайсці яе бясплатна.

belapan.by

Фота: МН