У Беларусі за суткі зарэгістравана 959 выпадкаў COVID-19, памерлі 10 чалавек



За мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістравана 959 выпадкаў COVID-19, памерлі 10 чалавек з каранавіруснай інфекцыяй, выпісана з бальніц 678 пацыентаў, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, за суткі колькасць новых выпадкаў COVID-19 знізілася — 31 студзеня іх было 1.766, днём раней — 1.852. Рэкорд захворвання прыпаў на 12 снежня 2020 года — 1.975 хворых.

Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у краіне дасягнула 249.295, памерлі 1.728 пацыентаў з каранавірусам. Ачунялі 236.516 чалавек.

За мінулыя суткі выканана 9.554 тэсты на каранавірус, што ўдвая менш, чым днём раней (усяго — 4.482.299).

У Беларусі 19 студзеня пачалася вакцынацыя медработнікаў ад каранавіруса расійскай вакцынай „Спадарожнік V”. Згодна са звесткамі Міністэрства аховы здароўя, гэтую працэдуру прайшлі ўжо прыблізна 10 тыс. спецыялістаў па ўсёй краіне — больш за 51% медработнікаў, якія выказалі жаданне прышчапіцца ў першую чаргу.

Пасля ўрачоў, медсясцёр стацыянараў і паліклінік, спецыялістаў станцый хуткай дапамогі вакцынаваць пачнуць работнікаў устаноў адукацыі, сацработнікаў і іншых асоб. Днямі ў Беларусь паступіла яшчэ адна партыя вакцыны — 20 тыс. доз.

Масавую вакцынацыю насельніцтва Міністэрства аховы здароўя мае намер распачаць крыху пазней. Цяпер спецыялісты збіраюць інфармацыю пра тых, хто хацеў бы прайсці яе бясплатна.

belapan.by