У Беларусі за суткі зарэгістраваны 1.941 выпадак COVID-19



За мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістраваны 1.941 выпадак COVID-19, памерлі 10 чалавек з каранавіруснай інфекцыяй, выпісаныя з бальніц 2.054 пацыенты, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, другія суткі запар колькасць новых выпадкаў COVID-19 зніжаецца — 14 студзеня іх было 1.967, днём раней — 1.972. Рэкорд захворвання быў зафіксаваны 12 снежня 2020 года — 1.975 хворых.

Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у краіне дасягнула 221.604, памерла 1.564 пацыенты з каранавірусам. Ачуняла 204.500 чалавек.

За мінулыя суткі выканана 24.888 тэстаў на каранавірус (усяго — 4.216.095).

Паводле інфармацыі прэс-службы Міністэрства аховы здароўя, перапрафіляваныя пад прыём пацыентаў з COVID-19 аддзяленні бальніц Менскай вобласці неўзабаве вернуцца да звычайнага рэжыму працы. „Захворванне на каранавірусную інфекцыю па краіне ніжэйшае, чым чакалася, таму многія ўстановы аховы здароўя вяртаюцца да звыклага рэжыму працы”, — адзначае міністэрства ў сваім тэлеграм-канале.

У стацыянарах Менскай вобласці для пацыентаў з COVID-19 было перапрафіляванае 32% ложкавага фонду. Найбольшая колькасць вольных ложкаў зараз налічваецца ў Мінскім абласным супрацьтуберкулёзным дыспансеры, цэнтральных раённых бальніцах Салігорскага, Слуцкага, Стаўбцоўскага, Клецкага, Валожынскага, Маладзечанскага, Вілейскага і Уздзенскага раёнаў.

25 студзеня плануецца адкрыць для планавай працы сталічны радзільны дом № 2 і Менскую гарадскую гінекалагічную бальніцу. На найбліжэйшы час запланаваныя для вываду дзіцячая інфекцыйная бальніца і 1-я гарадская клінічная бальніца.

belapan.by