У Беларусі забароненае купанне ў адным вадаёме і абмежаванае ў чатырнаццаці



Санэпідэмслужба забараніла купанне ў адной і абмежавала у чатырнаццаці зонах адпачынку.

Як паведамляе Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, купанне забаронена ў адной зоне рэкрэацыі — на пляжы вадаёма ў гарадскім парку Жабінкі (Берасцейская вобласць).

Абмежавана купанне дзяцей у дзесяці зонах рэкрэацыі. У Берасцейскай вобласці гэта: пляж „Цэнтральны”, левы і правы берагі ракі Мухавец у Берасці; пляж возера Мяднянскае ў вёсцы Медна Берасцейскага раёна; зона рэкрэацыі на возеры Рагазнянскае пасёлка Бярэсце (Берасцейскі раён); пляж санаторыя „Надзея” на рацэ Мухавец у Жабінкаўскім раёне.

У Гомельскай вобласці: пляжы „Каскад-1” і „Каскад-2”, „Валатоўскі”, „Прудкоўскі” Цэнтральнага раёна Гомеля; пляж „Заходні” Савецкага раёна Гомеля.

Абмежавана купанне дзяцей і дарослых у чатырох зонах рэкрэацыі Магілёўскай вобласці: на рацэ Днепр і Грэбенеўскім возеры ў Магілёве; на пляжы ракі Днепр у вёсцы Палыкавічы Магілёўскага раёна; на пляжы Вільчыцкага вадасховішча ў вёсцы Вільчыцы Магілёўскага раёна.

З 1 па 7 чэрвеня спецыялісты санітарна-эпідэміялагічнай службы абследавалі 371 зону рэкрэацыі па ўсёй Беларусі. У выніку ў 71 з іх, або амаль у 20%, устаноўлены парушэнні санітарных норм, правілаў і гігіенічных нарматываў у частцы ўтрымання тэрыторыі, кантэйнерных пляцовак і кантэйнераў для збору адходаў, кабінак для пераапранання, прыбіральняў.

belapan.by