У Беларусі зарэгістравана 3.600 дзяцей са станоўчым тэстам на COVID-19



У Беларусі зарэгістравана 3.600 дзяцей са станоўчым тэстам на каранавірусную інфекцыю COVID-19, паведаміла галоўны спецыяліст аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям Міністэрства аховы здароўя Таццяна Бурдзь падчас анлайн-брыфінгу, прысвечанага Міжнароднаму дню абароны дзяцей (1 чэрвеня).

Паводле яе слоў, 95% дзяцей пераносяць захворванне практычна ў бессімптомнай форме. „Ёсць невялікая колькасць дзяцей са станам сярэдняй цяжкасці. Як правіла, гэта дзеці са спадарожнай паталогіяй, з анкагематалагічнымі захворваннямі і, на жаль, з атлусценнем”, — адзначыла Бурдзь.

Цяжкіх выпадкаў цячэння каранавіруса ў дзяцей не было, сказала прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя. Яна таксама паведаміла, што з пачатку распаўсюджвання COVID-19 нарадзілася 62 дзіцяці ад мам са станоўчым тэстам на каранавірус. Сярод іх дзве двойні. Дзеці здаровыя, падкрэсліла Бурдзь.

Гаворачы аб дзіцячым захворванні ў цэлым, яна паведаміла, што больш за 60% у структуры дзіцячых хвароб складаюць паталогіі органаў дыхання. На другім месцы па распаўсюджанасці захворванні органаў зроку. „Гэта біч сучаснасці, бо дзеці вялікую колькасць часу праводзяць у гаджэтах”, — канстатавала Бурдзь.

На трэцім месцы — захворванні апорна-рухальнай сістэмы, у тым ліку наступствы траўмаў; на чацвёртым — хваробы органаў стрававання. „Даступнасць прадуктаў у крамах і наяўнасць свабодных кішэнных грошай спрыяюць таму, што дзеці могуць купіць зусім не тое, што ім рэкамендавана і можна есці. Акрамя таго, не заўсёды бацькі забяспечваюць правільнае і паўнавартаснае харчаванне сваіх дзяцей. На фоне гэтага расце і цукровы дыябет, і атлусценне. У нас 17% школьнікаў сёння маюць залішнюю масу цела. На жаль, гэтая лічба з году ў год расце”, — заявіла прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя.

Яна таксама паведаміла, што за чатыры месяцы 2020 года ў краіне нарадзілася 22.631 дзіця, што на 7% менш, чым за той жа перыяд мінулага года. „Тым не менш гэта даволі нядрэнныя лічбы”, — лічыць Бурдзь.

belapan.by