У Беларусі зарэгістраваны другі выпадак смерці ад COVID-19



У Беларусі зарэгістраваны другі выпадак смерці ад каронавіруса COVID-19. „Зарэгістраваны другі выпадак смерці ўзроставага пацыента з наяўнасцю шматлікіх хранічных захворванняў, згодна з папярэднімі звесткамі, абцяжараных каронавіруснай інфекцыяй”, — паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

Асоба памерлага і дата смерці не называюцца, аднак, як вынікае з паведамленняў шэрагу СМІ, гаворка ідзе пра 70-гадовую настаўніцу англійскай мовы, жыхарку вёскі Доктаравічы Капыльскага раёна Менскай вобласці, дзе зафіксавалі ўспышку каронавіруса. Цела жанчыны накіраванае з капыльскай бальніцы на крэмацыю ў Менск.

Першым пацыентам, які памёр у Беларусі ў выніку заражэння COVID-19, стаў 75-гадовы акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Віктар Дашкевіч. Ён памёр 30 сакавіка ў Віцебску.

Міністэрства аховы здароўя таксама паведамляе, што за апошнія суткі выпісаныя пяць пацыентаў, у якіх раней тэст на COVID-19 даў станоўчы вынік. Пад медыцынскім наглядам і на лячэнні знаходзяцца 157 чалавек. Агульную колькасць выяўленых у Беларусі выпадкаў COVID-19 Міністэрства аховы здароўя не публікуе.

Пры гэтым паведамляецца, што на сёння ў Беларусі праведзена больш за 32 тыс. тэстаў на каранавірусную інфекцыю. У краіне „працягваюцца мерапрыемствы па кантролі за эпідэміялагічным становішчам, у выпадку неабходнасці ажыццяўляецца шпіталізацыя пацыентаў для далейшага назірання і абследавання”, адзначае Міністэрства аховы здароўя.

belapan.by

Фота minsknews.by