У Беларусі змянілі правілы палявання



Вясновае паляванне на вадаплаўных птушак падоўжана з 28 дзён да 2 месяцаў. Гэта значыць, што ў Беларусі да сярэдзіны траўня можна цалкам законна паляваць на гусей і качак.

Але новыя правілы Міністэрства лясной гаспадаркі не падабаюцца прыродаахоўнікам, якія лічаць іх сур’ёзнай пагрозай для птушак. Якую шкоду вясновае паляванне прыносіць прыродзе Беларусі, кажа дырэктар арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Аляксандр Вінчэўскі:

– Усе краіны Еўропы адмовіліся ад вясновага палявання. У Расеі яго значна скарацілі, толькі Беларусь пакінула два месяцы палявання. Аргументы супраць палявання, па-першае, увесну гінуць знікаючыя віды, і калі ўвосень цана памылкі не такая вялікая, птушак больш, і тых жа знікаючых відаў. То ўвесну, перад размнажэннем, калі адзін з будучых бацькоў будзе забіты, то вывадка не будзе. Па-другое, гэта беспакойства для птушак, для нашых і для пралётных.

У інтэрнэце з’явілася петыцыя, стваральнікі якой патрабуюць увесці 5-гадовы мараторый на вясновае паляванне. Стваральнікі петыцыі пад назвай “Забараніць вясновае паляванне на птушак!” заклікаюць усіх аматараў прыроды падпісацца пад ёй. Зрабіць гэта можна па спасылцы.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск