У Беларусі зноў зафіксаваны прырост інфікаваных COVID-19



Колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 66.521 (+173 за апошнія суткі), памерла 513 чалавек (+6), паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

За мінулыя суткі зноў адзначаны прырост інфікаваных. Пры гэтым 14-ты дзень запар ён трымаецца ніжэй за 200 выпадкаў. У папярэднія суткі было 135 новых выпадкаў і чатыры смерці.

Адзначаецца, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 ачуняў і выпісаны 59.061 пацыент (за апошнія суткі 469). Такім чынам, вылечылася прыблізна 89% хворых.

Праведзена 1.209.400 тэстаў на каранавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 7.186.

Міністэрства аховы здароўя даўно не публікуе статыстыку захварэлых па абласцях і Менску, а таксама хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і пацыентаў, што маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Больш за два месяцы міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемствы на гэтую тэму.

Аляксандр Лукашэнка 21 ліпеня на ўрачыстым адкрыцці Гомельскай цэнтральнай гарадской паліклінікі адзначыў „выдатную працу ўрачоў і медперсаналу ў складаны эпідэміялагічны перыяд”. „Ім трэба дзякаваць за тое, што ў найцяжэйшых умовах — без вакцын, без лекаў, невядомая хвароба — яны навучыліся лячыць людзей. Гэта подзвіг”, — сказаў ён.

Лукашэнка нагадаў, што Беларусь абрала свой шлях у барацьбе з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі, і гэта „дало станоўчы вынік, захворванне зніжаецца”. Разам з тым, заўважыў ён, у свеце не выключаная другая хваля захворвання, таму „важна берагчы здароўе і аддаць перавагу знаходжанню ў Беларусі перад замежнымі паездкамі”.

belapan.by