У Беларусі з’явіўся чарговы палітвязень



Праваабаронца „Вясны” Марфа Рабкова прызнаная палітычнай зняволенай.

17 верасня ў г. Менску супрацоўнікамі ГУБАЗіК была затрыманая каардынатарка Валанцёрскай службы ПЦ „Вясна” Марфа Рабкова. Разам з Марфай быў затрыманы таксама яе муж Вадзім Жаромскі, які пазней быў вызвалены.

У кватэры, дзе яны жывуць, быў праведзены ператрус, вынятая тэхніка, асабістыя грошы і рэчы.

Марфа Рабкова з’яўляецца сяброўкай ПЦ „Вясна”, каардынатаркай Валанцёрскай службы арганізацыі. У межах сваёй праваабарончай дзейнасці Марфа, разам з валанцёрамі ПЦ „Вясна”, ажыццяўляла назіранне за правядзеннем мірных сходаў, прымала актыўны ўдзел у кампаніі незалежнага назірання „Праваабаронцы за свабодныя выбары”, удзельнічала ў дакументаванні сведчанняў катаванняў і іншых жорсткіх відаў абыходжання ў дачыненні да затрыманых удзельнікаў акцый пратэсту.