У берасцейскай бальніцы памёр ваеннаслужачы тэрміновай службы



У Берасці ў бальніцы памёр ваеннаслужачы тэрміновай службы беларускай арміі. Інфармацыя спачатку насіла неафіцыйны характар. Цяпер яе пацвердзіў БелаПАН прэс-сакратар Міністэрства абароны Беларусі палкоўнік Уладзімір Макараў.

Паводле яго слоў, раніцай 30 чэрвеня ваеннаслужачы адной з часцей Берасцейскага гарнізона адчуў недамаганне, яго змясцілі ў медыцынскую роту, затым перавезлі ў гарадскую бальніцу, дзе ён памёр. Папярэдні дыягназ — „пазабальнічная аднабаковая пнеўманія”.

„Праводзяцца следчыя дзеянні”, — сказаў прадстаўнік Міністэрства абароны.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, ваеннаслужачы праходзіў службу ў 38-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгадзе.