У Берасцейскай вобласці знайшлі буйную папуляцыю змей



Буйную папуляцыю мядзянак выявілі беларускія біёлагі на тэрыторыі закінутай ракетнай часткі ў адным з раёнаў Берасцейскай вобласці, распавёў намеснік дырэктара Палескага аграрна-экалагічнага інстытута НАН Віктар Дзямянчык.

У якім менавіта раёне выявілі папуляцыю мядзянак, навукоўцы пакуль не раскрываюць – каб абараніць змей ад лішняй увагі.

«30 гадоў мы шукалі, дзе ў нас у Беларусі ёсць больш-менш стабільная папуляцыя гэтай рэдкай змяі, а знайшлі на тэрыторыі, дзе раней быў ракетны дывізіён. Сакрэтны і ахоўны. 25 гадоў тэрыторыя, прылеглая да яго, была як запаведнік. Нават сабакі туды не заходзілі. Там сфармавалася вялікая папуляцыя самай рэдкай змяі ў лясной зоне Еўропы – мядзянкі. Яна вельмі рэдка і ў Беларусі сустракаецца», – распавёў Віктар Трафімавіч.

Па словах суразмоўцы, пасля таго, як ваенныя пакінулі частку, туды пацягнуліся «чорныя капальнікі» ў пошуках каштоўных металаў.

«Яны паздымалі люкі на металалом, вырылі траншэі і ямы, каб дастаць кабель. Іх стараннямі з’явілася шмат экалагічных пастак, і гэтыя змеі гінуць. Яны запаўзаюць у іх, а выпаўзці не могуць», – патлумачыў спецыяліст.

Навукоўцы, якія прыбылі на месца, дасталі змей з экалагічных пастак і выпусцілі на волю. У будучыні яны плануюць зрабіць на тэрыторыі, якую аблюбавала мядзянка, заказнік.

TUT.BY