У Берасці адбудзецца буйнейшы ў Беларусі, а можа і ў Еўропе, малочны фестываль
30 жніўня на тэрыторыі берасцейскага парку Міра адбудзецца фестываль пад назвай «Воблакі малака». Чацвёртае па ліку мерапрыемства арганізуе ААТ «Савушкаў прадукт» пры падтрымцы мясцовага гарвыканкаму. У рэгіянальных СМІ гэты малочны фестываль ужо называюць буйнейшым у Еўропе.
Кажа каардынатар фэсту Наталля Аляксеенка:
– У гэтым годзе мы плануем, што будзе 45- 50 тысяч чалавек.
РР: Па мерках Беларусі, гэта цэлы буйны горад.
– Так. У мінулым годзе было крыху менш. А пачыналася гэта з некалькіх тысяч, потым – 10, 20, 25 тысяч.
Два гады таму беларуская інтэрнэт-супольнасць звярнула ўвагу на моўную палітыку кампаніі ААТ «Савушкаў прадукт», бо тыя не падавалі на этыкетках сваіх тавараў інфармацыю па-беларуску. Тады з’явілася нават петыцыя аб падачы на ўпакоўцы інфармацыі на абедзвюх дзяржаўных мовах. Меркаванне ж берасцейцаў з ліку наведвальнікаў фестывалю тады падзяліліся:
– Гэта прадпрыемства даволі багатае і, у прынцыпе, гэта зараз модна і здорава перакладаць прадукцыю на беларускую мову.
– Згубілі ў іміджы на гэтым скандале, чым выйгралі штосьці.
– У прынцыпе, ім трэба было гэтую тэндэнцыю пераняць, і гэта дадало б ім папулярнасці.
– Чулі гісторыю, але, калі пісалася на расейскай мове, нічога супраць гэтага не маю. Калі для ўнутранага рынку – тады, можа быць, па-беларуску б пісалі, але навошта, напрыклад, Казахстану беларуская мова? А для ўнутранага рынку павінна было быць, таму што ў Берасці шмат расейскамоўных, а далей – палешукі, Менск, усё ж такі беларуская мова там ёсць.
Фестываль «Воблакі малака» будзе доўжыцца цягам дню з 12-й да 23-й гадзіны. Дзеля яго правядзення будуць перакрытыя для дарожнага руху кавалкі вуліц Янкі Купалы і Ленінградская, прылеглыя да парку Міра.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя
