У Берасці адкрыўся першы ў вобласці мытны клас



1 верасня ў Берасці ў сярэдняй школе № 1 адкрыўся першы ў вобласці мытны клас. Ён створаны па ініцыятыве Берасцейскай мытні і ў адпаведнасці з рашэннем гарвыканкама.

Як паведамляе мытня, гэты спецыялізаваны клас у паралелі васьмікласнікаў мае адметную літару „Т”. У сувязі з вялікай колькасцю ахвотных вучыцца ў такім класе туды былі адабраныя вучні з сярэднім балам больш за 7 і не ніжэй за 7 балаў па прафiлюючых вучэбных прадметах: матэматыцы і замежнай мове.

Навучацца ў мытным класе будуць 26 вучняў: 13 хлопчыкаў і 13 дзяўчынак. У іх запланавана паглыбленае вывучэнне англійскай мовы, матэматыкі, а таксама дадатковыя заняткі па польскай або іспанскай мовах. У рамках фізічнай падрыхтоўкі вучні мытнага класа будуць дадаткова асвойваць каратэ з элементамі самба.

Навучанне ў мытным класе прадугледжвае ўзаемадзеянне з Берасцейскай мытняй. У прыватнасці, у ходзе вывучэння спецкурса „Уводзіны ў прафесію мытніка” запланаваныя экскурсіі вучняў у пункты пропуску на беларуска-польскай і беларуска-ўкраінскай мяжы, наведванне прысяг, паказальных выступленняў кіналагічнай службы мытні.

Мытны клас створаны для ўмацавання сувязяў вучнёўскай моладзі з мытнымі органамі, прафесійнай арыентацыі выпускнікоў школы для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы на спецыяльнасць „мытная справа”.