У Берасці адзначылі Дзень Волі



Каля пяцісот чалавек прынялі ўдзел у маршы і мітынгу, прысвечаным Дню Волі ў Берасці. Гэта першая дазволеная ўладамі акцыя ў цэнтры горада за апошнія некалькі гадоў, якая, аднак, адбывалася на фоне прэвентыўных арыштаў яе імаверных лідараў: Наталлі Папковай, Андрэя Марача, Андрэя Шарэнды і “анархістаў”.

Кажа краязнаўца Ігар Бараноўскі:

– 25 сакавіка – Дзень Волі, калі беларусы абвясцілі свету, што хочуць будаваць сваю дзяржаву. І сёння мы пацвярджаем, што хочам адстойваць свае правы, хочам жыць годна, дастойна. Сёння Дзень Волі – і менавіта сэнс гэтага слова падкрэсліваецца ў той падзеі амаль 100-гадовай даўніны. І гэта таксама дзень памяці тых, хто прысвяціў сябе будаўніцтву беларускай дзяржаўнасці. Сёння адно з самых масавых мерапрыемстваў. Раней у 90-х ладзіліся мітынгі на стадыёне “Будаўнік”. Яны канешне таксама былі масавыя, але настолькі шматлюдных я нават не прыгадаю.

Ігар Маслоўскі, старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі БСДП (Грамада): Сёння дзве нагоды- 99 год з Дня абвяшчэння БНР і выказванне сацыяльнага, эканамічнага і палітычнага пратэстаў. Людзі незадаволеныя. У Берасцейскай вобласці сабрана больш за 6 тысяч подпісаў за адмену Дэкрэта №3.  Таксама шмат людзей пакараныя арыштамі і адміністрацыйнымі спагнаннямі.

Юрый Казакевіч, абласны каардынатар па Берасцейшчыне ад Руха „За свабоду”: Наша задача паказаць уладам, што незадаволенасць народа перавысіла ўсе дапушчальныя межы па ўсёй краіне. У людзей з’явілася крытычная патрэба зменаў. І мы вырашылі праводзіць акцыі ў вялікіх і малых гарадах, каб улады зразумелі, што гэта не „кучка адмарозкаў” выходзіць на плошчу ў Менску, а выходзіць незадаволены народ па ўсёй рэспубліцы.

На мітынгу на плошчы Свабоды ўзялі слова кіраўнікі партыяў, якія ўвайшлі ў склад аргкамітэту па святкаванні Дня Волі ў Берасці, выступіў і Старшыня гарсавета дэпутатаў Красоўскі. Калі партыйцаў прысутныя сустракалі воклічамі “Жыве Беларусь!”, то на выступ Красоўскага людзі рэагавалі – “Ганьба!”.

На фота: Маніфестантка гутарыць са старшынём гарсавета Мікалаем Красоўскім.

Акцыя была дазволена мясцовым гарвыканкамам і таму абыйшлася без затрыманняў і прысутнасці вялікай колькасці супрацоўнікаў міліцыі.

Каментуе экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Мілінкевіч:

– Не меньш важныя маніфестацыі і мітынгі ў рэгіёнах, а не толькі ў Менску. Гэтая сіла апошніх пратэстаў, каб паказаць уладам, што гэта не проста “кучка экстрэмістаў-палітыканаў”, а беларускі народ, які хоча перамен. Вельмі ўсцешаны тым, што так шмат людзей прыйшло. Галоўная мэта ўлады, адназначна, запалохаць, зачыніць, не пушчаць!

Шэсце прайшло па запланаваным маршруце ад скрыжаванняў вуліцы Машэрава і бульвара Касманаўтаў да плошчы Свабоды. На мітынгу на плошчы Свабоды выступілі прадстаўнікі аргкамітэту святкавання, грамадскія актывісты і прадстаўнікі мясцовых уладаў. Дзея скончылася ў 14:00.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара