У Берасці адзначылі ўгодкі Грунвальдскай бітвы



Актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і шэрагу іншых арганізацый да гадавіны Грунвальдскай бітвы зладзілі акцыю ля Помніка 1000-годдзя Берасця.

Падрабязней апавядае старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі БСДП (Грамада) Ігар Маслоўскі:

– Беларуская гісторыя, гісторыя Берасця мае шмат дат, якія пазітыўна ўспрымаюцца абсалютнай  большасцю грамадзян нашай краіны. І адна з такіх гістарычных дат – Грунвальдская бітва. У Берасці ўсталяваны помнік 1000-годдзю горада, і на барэльефе адзначаныя шэсць важных гістарычных падзей. І адна з іх – гэта Грунвальдская бітва.

Падчас акцыі актывісты распавялі пра падзею шасцісотгадовай даўніны і раздалі асобнікі газеты «Наш горад» з інфармацыяй пра бітву. Што праўда, гараджане, якія атрымалі газету, няшмат ведаюць пра Грунвальд:

– Што чытаў калісьці, тое забыўся ўжо. Біліся з ворагамі.

– Ведаю пра Вітаўта. Ён прымаў удзел у гэтай бітве.

– Мы не вельмі ўпэўненыя ў сваіх ведах.

Пасля акцыі ўдзельнікі разгарнулі партыйныя сцягі бел-чырвона-белых колераў. Нягледзячы на патрулі міліцыі, правакацыяў з боку сілавікоў не было.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара