У Берасці аштрафаваны чарговы праціўнік акумулятарнага завода



Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Уладзімір Вялічкін, судом Ленінскага раёна Берасця на падставе ч. 1 арт. 23.34 КоАП на 10 базавых велічыняў (255 рублёў) аштрафаваны Павел Кяскевіч за ўдзел у шэсці праціўнікаў акумулятарнага завода 7 красавіка.

„Запушчаны ў красавіку судовы канвеер працягне працу і на наступным тыдні. Плануюцца суды яшчэ над двума праціўнікамі акумулятарнага завода”, — падкрэсліў Вялічкін.

Раней у траўні судом Ленінскага раёна былі аштрафаваныя чатыры актывісты: адзін — за ўдзел у шэсцях праціўнікаў акумулятарнага завода 7 і 14 красавіка, два — у шэсці 7 красавіка, адна актывістка — за ўдзел у шэсці 14 красавіка.

У красавіку гэты ж суд таксама паводле арт. 23.34 КоАП аштрафаваў 16 актывістаў: дзесяць — за ўдзел у шэсці праціўнікаў завода 7 красавіка, пяць — у шэсці 14 красавіка, адну актывістку — за раздачу жоўтых надзіманых шароў 31 сакавіка на плошчы Леніна.

7 і 14 красавіка грамадзяне чарговым разам сабраліся на плошчы Леніна. Затым яны прайшлі па цэнтральных вуліцах Берасця Пушкінскай і Савецкай да ЦУМа на праспекце Машэрава. Удзельнікі шэсця скандавалі: „Не заводу!”

Акумулятарны завод ТАА „АйПаўэр” пабудаваны на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта.

Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне 144 мітынгаў, 12 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка 2018 года мітынг „Берасцейкі супраць свінцу”, на які сабраліся прыблізна дзве тысячы чалавек.

Праціўнікі завода з 25 лютага 2018 года кожную нядзелю збіраюцца на плошчы Леніна ў Берасці.

25 красавіка гэтага года ў Адміністрацыю прэзідэнта быў перададзены новы калектыўны зварот праціўнікаў завода.

З 3 траўня ля прадпрыемства кругласутачна, змяняючы адзін аднаго, дзяжураць актывісты. Яны лічаць, што завод, яшчэ не прыняты ў эксплуатацыю, ужо фактычна працуе і выкідвае ў паветра шкодныя рэчывы. На думку актывістаў, пад выглядам пусканаладачных работ прадпрыемства ўжо паўнавартасна вырабляе прадукцыю. Праціўнікі завода фіксуюць факты, якія, на іх думку, пацвярджаюць гэта, і накіроўваюць звароты аб парушэннях у адпаведныя інстанцыі.

belapan.by