У Берасці будуць судзіць дырэктара РУВП пры папраўчай установе



У Берасцейскім абласным судзе 22 лістапада пачнецца працэс у дачыненні да былога дырэктара РУВП пры папраўчай установе № 5 у Івацэвічах Вадзіма Харужага па факце здзяйснення ім грамадска небяспечнага дзеяння, прадугледжанага ч. 3 арт. 430 КК. Такая інфармацыя размешчаная на сайце Вярхоўнага суда. Справа будзе разгледжаная ў закрытым судовым пасяджэнні.

Як паведамляе памочнік старшыні Берасцескага абласнога суда Сняжана Грышкевіч на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”, крымінальная справа паступіла для разгляду па сутнасці пасля адмены Вярхоўным судом раней вынесеных судовых пастаноў.

Крымінальная справа ў дачыненні да Харужага была распачатая ў траўні 2013 года. Як тады паведаміў БелаПАН, справа была распачатая паводле матэрыялаў галоўнага ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС. Згодна з атрыманымі звесткамі, падпалкоўнік унутранай службы заключыў кантракт на пастаўку прадукцыі РУВП замежнаму прадпрыемству і арганізаваў яго выкананне. За паспяховую рэалізацыю кантракта ён прыняў ад кіраўніка камерцыйнай структуры грашовыя сродкі ў асабліва буйным памеры.

Паводле наяўнай у БелаПАН інфармацыі, Харужы з сакавіка 2009 года па сакавік 2013 года атрымаў хабару не менш як на 206 тыс. еўра.

Па гэтай справе двойчы прымаў рашэнне суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы — 2 чэрвеня 2014 года і 9 жніўня 2016 года. Аднак абедзве пастановы былі адмененыя судамі вышэйшай інстанцыі.

belapan.by