У Берасці — чарговы затрыманы па справе аб масавых беспарадках
Пра гэта паведамляе прэс-сакратар Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Меркаваны ўдзельнік жнівеньскіх падзеяў 2020 года ў Берасці выяўлены супрацоўнікамі ўпраўлення крымінальнага вышуку:
– Ім аказаўся 27-гадовы футбольны трэнер, які 10 жніўня, знаходзячыся ў натоўпе агрэсіўна настроеных людзей на праспекце Машэрава ў Берасці, выкрыкваў лозунгі, псаваў дзяржаўную маёмасць, разбіваў плітку ходнікаў. Разам з іншымі пратэстоўцамі кідаў камяні і палкі ў праваахоўнікаў, аказваючы ім тым самым актыўнае супраціўленне. Следчыя прызналі яго падазраваным па крымінальнай справе за ўдзел у масавых беспарадках.
«Затрыманы мужчына знаходзіцца ў СІЗА №7 Берасця», – падсумавалі ў міліцыі.
Беларускае Радыё Рацыя
