У Берасці каля 150 праціўнікаў акумулятарнага завода прыйшлі на пікет



У Берасці праціўнікі акумулятарнага завода ўзялі ўдзел у перадвыбарчым агітацыйным пікеце кандыдатаў у дэпутаты ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігара Маслоўскага і Ганны Канюс. Старшыня абласной арганізацыі сацыял-дэмакратаў Ігар Маслоўскі балатуецца ў Палату прадстаўнікоў па Берасцейскай-Памежнай акрузе № 4, кіраўнік гарадской структуры БСДП (Грамада) Ганна Канюс – па Берасцейска-Усходняй выбарчай акрузе № 3.

Усяго ў пікеце, па дадзеных праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, удзельнічае каля 150 чалавек Як паведаміла актывістка Алена Макарэвіч, яны сёння вырашылі не збірацца на плошчы Леніна, як рабілі гэта кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года, а прыняць удзел у пікеце, каб публічна выказаць свой пратэст супраць акумулятарнага завода.

Па словах Макарэвіч, ва ўсіх непраўладных кандыдатаў, у тым ліку Маслоўскага і Канюс, адным з пунктаў праграмы з’яўляецца закрыццё завода. Пікетаванне праходзіць на пляцоўцы каля гандлёвага цэнтра насупраць Палаца культуры прафсаюзаў. Заяўленая арганізатарамі тэматыка пікету – «змяняльнасць улады, справядлівая зарплата, якасная і даступная ахова здароўя.

Удзельнікі пікету скандуюць «Не заводу!». Яны разгарнулі бел-чырвона-белыя сцягі, сцяг з гербам «Пагоня», сцягі БСДП (Грамада). Таксама некаторыя ўдзельнікі пікету трымаюць жоўтыя паветраныя шары з надпісам «Жыць» – гэта слова зʼяўляецца дэвізам грамадскай кампаніі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя