У Берасці можна пабачыць „Старонкі жывой гісторыі”



Каля Берасцейскага археалагічнага музея, што знаходзіцца на месцы сярэднявечнага Берасця, рэканструююць эпоху XVII стагоддзя. Людзі ў цывільных і вайсковых строях таго часу, сярод прадметаў побыту, запрашаюць турыстаў паглядзець і паўдзельнічаць у інсталяцыі.

Мерапрыемства праходзіць у межах праекту „Старонкі жывой гісторыі”, які ініцыяваў згаданы музей супольна з мясцовымі рэканструктарамі.

Падрабязней кажа рэканструктар-інсталятар Андрэй Варабей:

– Зараз людзі ўспрымаюць усё праз эмоцыі. Хто зараз чытае тыя ж кнігі? У інтэрнэце проста вал рознай туфты. Людзі чытаюць і вераць. Калі яны бачуць рэканструкцыю – чалавеку цікава. Яму цікава патрымаць палаш, ці саблю, яму цікава стрэліць з мушкету, зразумела, халастым, яму цікава памуштравацца, у гэтых шыхтах пахадзіць. Скажу шчыра, мы нічога не выдумляем новага, мы глядзім, як гэта робяць нашыя суседзі – на Захадзе, на Усходзе, на Поўначы, на Поўдні, і спрабуем нешта такое зрабіць у нас.  

Наведвальнікам прапануюць адчуць атмасферу вайсковага лагеру і побыту XVII стагоддзя на гэтых землях, прайсці навучанне і атрымаць падставовыя веды вайсковага майстэрства. „Гістарычны перыяд гэты абраны не здарма. Бо акурат у сярэдзіне XVII стагоддзя тут, на месцы былога Берасцейскага замку, адбываліся значныя вайсковыя падзеі. Прыход мадзьяраў, атака замку маскавітамі на чале з Хаванскім і шмат іншага. Таму запрашаем”, – падсумоўвае Андрэй Варабей. Інсталяцыя адбываецца штотыднёва, адзін раз на тыдзень, і дакладны дзень правядзення можна даведацца праз інфармацыю ў берасцейскіх СМІ.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.

Фота аўтара