У Берасці на курсах мовы гаварылі пра коцікаў



На берасцейскай “Мове нанова” абмеркавалі коцікаў. Менавіта такую тэму на першых занятках пятага сезона курсаў абралі выкладчыкі. Падрабязней кажа арганізатар і вядоўца мерапрыемства Максім Хлябец:

Вынайшлі тэму – гэта «Каты». І што рабілі з коцікамі беларусы. То бок гэта легенды і павері ў розныя стагоддзі.

РР: Якія цікавосткі чакаць у новым сезоне?

Задумаў няма. Гэта хутчэй будуць адкрытыя лекцыі, як звычайна. У гэтым сезоне ў нас зявілася Іна Хоміч – беларускі філолаг, таму будзе ўхіл менавіта на вывучэнне беларускай мовы.

Слухачоў курсаў таксама чакала і музычная частка. Гэтым разам на заняткі запрасілі музыку Яўгена Змушку з гурта “Мутнае вока”:

Я браў удзел у гэтых курсах яшчэ два гады таму. Аб’ездзіў амаль што ўсю Беларусь. Дазнаўся пра такі гарадок, як Астравец у памежнай зоне. Ні я, ні мой менеджар не ведалі пра гэты горад. Мы прыехалі туды на машыне. Там была вельмі ветлівая аўдыторыя. І я так кажу не таму, што яны потым павялі нас у кавярню і зрабілі невялічкі экскурс. Як я казаў сваёй матулі, якая вельмі далёкая ад спраў, што курсы «Мова нанова» вельмі модныя, ветлівыя, неназойлівыя.

Заняткі “Мова нанова” ў Берасці праводзяцца кожны аўторак па адрасе Дзяржынскага 50, пачатак у 18:30. За тым, якая тэма і які госць будуць наступнымі, можна адсачыць праз Вконтакте і Facebook старонкі курсаў.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара