У Берасці на пяць сутак арыштаваны Ігар Маслоўскі



28 жніўня суд Ленінскага раёна Берасця прызнаў старшыню Берасцейскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігара Маслоўскага вінаватым у парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў (ч. 1 арт. 23.34 КоАП) і пакараў пяццю суткамі адміністрацыйнага арышту.

Пра гэта паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк.

Супрацоўнікі міліцыі затрымалі Маслоўскага ў Берасці 27 жніўня прыблізна ў 11.20 на скрыжаванні праспекта Машэрава і вуліцы Камуністычнай і даставілі ў Ленінскі РАУС. У райаддзеле міліцыі на яго склалі пратакол за ўдзел 17 жніўня ў Берасці на праспекце Машэрава каля ЦУМа ў акцыі салідарнасці супраць гвалту. Да суда палітыка змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

27 жніўня ў Берасці была затрыманая і старшыня гарадской арганізацыі БСДП (Грамада) Ганна Канюс. Яна прыйшла да будынка Ленінскага РАУС даведацца, за што затрымалі Маслоўскага. Прыкладна ў 14.00 да Канюс падышоў супрацоўнік міліцыі і спытаўся, што яна робіць ля РАУС. Пасля адказу Канюс міліцыянер прапанаваў ёй прайсці ў райаддзел і пачакаць там. У будынку РАУС Канюс затрымалі і да суда таксама змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

28 жніўня суд Ленінскага раёна абвінаваціў Ганну Канюс згодна з ч. 1 арт. 23.34 і аштрафаваў на 10 базавых велічынь (270 рублёў) за ўдзел у акцыі супраць гвалту 17 жніўня ў Берасці на праспекце Машэрава каля ЦУМа.

„Улады пачалі ў Берасці практыку затрыманняў і прыцягнення да адказнасці палітычных актывістаў, якія найбольш актыўна бяруць удзел у акцыях прыхільнікаў перамен”, — заявіў Кісляк.

belapan.by