У Берасці згадалі Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека
68 гадоў мінае з часу прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. З гэтай нагоды праваабарончая арганізацыя “Берасцейская вясна” правяла круглы стол з удзелам палітыкаў, прадстаўнікоў прафсаюзаў і грамадзянскай супольнасці рэгіёну. Абмяркоўвалі судовыя працэсы за ўдзел у недазволеных уладамі масавых акцыях.
Кажа праваабаронца Уладзімір Малей:
– Пры падачы заявы на правядзенне масавых мерапрыемстваў неабходна прад’яўляць дамовы з міліцыі, з бальніцы, з ЖКГ на аказанне паслуг. Выканаўшы пэўную працу, мы дамагліся, што ў Берасці цяпер разам з заявай неабходна падаць толькі дзве дамовы – з ЖКГ і з хуткай дапамогай. То бок мы скасавалі патрэбу ў дамовых з міліцыяй.
У час сустрэчы прайшоў прагляд кароткіх фільмаў на тэму абароны правоў чалавека ў Берасці. Прыгадалі пераслед удзельнікаў Свіслацкага фэсту ў гонар паўстанцаў Каліноўскага. У завяршэнне кожны атрымаў брашуру з тэкстам Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, якая была прынята 10 снежня 1948 году ў Парыжы. За яе прыняццё галасавала і БССР.
[Not a valid template]
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара