У Берасці не будуць адзначаць Дзень горада



Сёння, 28 ліпеня, у Берасці ўпершыню за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў не будзе адбывацца святкаванне Дня горада. Афіцыйна мясцовыя ўлады зрабілі заяву, што не дазваляе эпідэміялагічная сітуацыя:

–  Замест Дня горада прапануецца адсвяткаваць Дзень вызвалення Берасця. Сярод асноўных мерапрыемстваў – канцэрты, выставы і ўскладанне кветак.

Згодна афіцыйнай праграмы, а 12-ай гадзіне будуць ускладзеныя кветкі спачатку да помніка Вызвалення, а пасля ў крэпасці – каля вечнага агню. Далей – адкрыццё фантана ды канцэрт ад гарадскога аркестра.

Частка імпрэзаў запланаваная на выходныя. Прадугледжаныя выступы творчых калектываў, выстава музеяў горада, фестываль фарбаў, кірмаш рамеснікаў ды так далей. Асноўнае, на чым засяроджваецца ўвага, стварэнне ўмоваў, пры якіх будуць магчымасці для прытрымлівання сацыяльнай дыстанцыі.

Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце