У Берасці павялічылася колькасць дрэваў хворых на амелу белую



Зварот да гарадскіх уладаў у сувязі з экалагічнай праблемай накіравалі берасцейскія сацыял-дэмакраты. За апошняе дзесяцігоддзе колькасць дрэваў у Берасці хворых на амелу белую значна ўзрасла.

“Пад пагрозай масавага заражэння знаходзяцца пасадкі парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, цэнтральных бульвараў і зялёных зон мікрараёна Усход, а таксама фруктовыя сады прыватнага сектара”, – адзначыла старшыня берасцейскай гарадской арганізацыі Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай партыі (Грамада) Ганна Канюс:

– Дрэвы з гэтым паразітам больш крохкія, часта хварэюць, у іх не так шмат лісця, яны не выконваюць свае функцыю фільтрацыі паветра. І тая ўся абрэзка, якая робіцца ў нашым горадзе, робіцца з парушэннем. Не замазваюцца фарбай зрэзы, гэта аснова, каб зноў вырасла амела белая і знішчыла дрэва. Мы прапануем своечасова праводзіць комплекс аперацый па доглядзе за шматгадовымі насаджэннямі.

“Выявіўшы на дрэвах амелу, неабходна выразаць пашкоджаныя галінкі да здаровай драўніны і спальваць іх”, – дадала Ганна Канюс.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце