У Берасці працягваюць атрымліваць „лісты шчасця”



Жыхары Берасця працягваюць атрымліваць лісты з падатковых інспекцый па прэзідэнцкім дэкрэце №3.

Сітуацыю каментуе прадстаўніца Беларускага Хельсінскага Камітэту ў горадзе Святлана Алесюк, якая неаднойчы ўздымала пытанні на грамадскіх абмеркаваннях, звязаных з “дэкрэтам аб дармаедстве”:

– Я думаю, што дэкрэт не адменяць. Як “наступіць на горла ўласнай песні”? Але адзін з варыянтаў, каб яго знівеляваць да той ступені, каб ён датычыў найменшага кола людзей. Канешне, хацелася б, каб яго адмянілі, так было б справядліва ў дачыненні да сваіх грамадзянаў.

Пра “лісты шчасця” ад падатковай некаторыя з берасцейцаў паведамляюць у сацыяльных сетках. “Гэта доказ таго што “паляванне на дармаедаў працягваецца. Такі своеасаблівы падарунак на зімовыя святы”, – зазначыла Святлана Алесюк.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.