У Берасці працягваюцца суды над праціўнікамі акумулятарнага завода



Сёння, 19 траўня, у Берасці працягваюцца суды над удзельнікамі пратэстаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Судовыя працэсы былі запланаваныя над дальнабойнікам Паўлам Кінчакам і праваабаронцам Раманам Кісляком. Вынік першай справы — 30 базавых велічыняў па артыкуле 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, — адзначыў адзін з лідараў пратэстаў Зміцер Бекалюк:

– Іх судзяць без удзелу людзей, каб пра гэтыя судзілішчы даведалася як мага менш людзей. Чаму я іх называю судзілішчамі? Бо элементарныя правы парушаюцца, калі людзі заяўляюць хадайніцтвы аб адвакатах у момант іх затрымання, яны ўвогуле не выконваюцца. Суд на гэта глядзіць скрозь пальцы. Што можна сказаць, калі права на абарону ігнаруецца?

Паводле Змітра Бекалюка, перад сілавымі структурамі стаіць задача пусціць на судовыя паседжанні як мага меншую колькасць людзей. У тым ліку для таго, каб не было розгаласу па палітычных судах.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце