У Берасці рыхтуюцца да мітынгу супраць будаўніцтва акумулятарнага завода



29 красавіка ў Берасці ў 12 гадзін у парку воінаў-інтэрнацыяналістаў адбудзецца дазволены мітынг пад назвай: “Жанчыны супраць свінца”. Вядучымі на мітынгу будуць блогеры і арганізатары супраціву будаўніцтва завода па пераапрацоўцы акумулятараў пад Берасцем Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін.

Улада вымушана была дазволіць мітынг пад напорам людзей, кажа Аляксандр Кабанаў:

– У Берасці надрукавана 35 тысяч улётак. З іх практычна ўсе раздалі. То бок працуе вялікая актыўная група, недзе каля 30 чалавек, можа нават 40-50. Мы таксама з Сяргеем Пятрухіным раздавалі ўлёткі. У іх усё напісана – і пра шкоднасць свінца, і пра гэтае прадпрыемства, і пра тое, калі будзе мерапрыемства. Многія людзі, якім мы даём улёткі, кажуць, што яны пра гэта ведаюць, прачыталі ў сацыяльных сетках. У сацсетках таксама працуем. Да мітынга праводзім сур’ёзную падрыхтоўку.

Аляксандр Кабанаў запрашае ўсіх неабыякавых людзей не толькі з Берасця, але і з рэгіёнаў на мітынг. Падзеі ў Арменіі паказалі, што толькі самі людзі, аб’яднаўшыся, змогуць вырашаць свае праблемы. А праблемы з размяшчэннем шкодных прадпрыемстваў у Берасцейскай вобласці і па ўсёй краіне вельмі вялікія, лічыць Аляксандр Кабанаў.

Беларускае Радыё Рацыя