У Берасці скінулася з даху 16-гадовая школьніца



Следчыя высвятляюць абставіны гібелі ў Берасці 16-гадовай мясцовай жыхаркі.

Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Берасцейскай вобласці Дзмітрый Іванюк, цела дзяўчыны з прыкметамі падзення з вышыні знайшлі прахожыя 7 чэрвеня прыкладна ў 21.25 пад вокнамі дзевяціпавярховага жылога дома па вуліцы Піянерскай.

Паводле папярэдніх звестак, 16-гадовая берасцейка скінулася з даху дома.

Устаноўлена, што ў гэтым доме яна не пражывала. Дзяўчына скончыла 9-ты клас і 9 чэрвеня павінна была здаць апошні іспыт.

27 траўня ў Берасці пасля падзення з даху дзевяціпавярховага жылога дома на бульвары Касманаўтаў загінула 14-гадовая мясцовая школьніца. Паводле папярэдніх звестак, яна таксама скінулася з даху дома.

Праверку па гэтых фактах праводзіць Берасцейскі міжраённы аддзел Следчага камітэта.