У Берасці спынілі канал незаконнага ўвозу аўтамабіляў



Супрацоўнікі Берасцейскай мытні сумесна з 6-м упраўленнем (па Берасцейскай вобласці) галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС, УУС Берасцейскага аблвыканкама спынілі канал незаконнага ўвозу і эксплуатацыі на тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза легкавых аўтамабіляў.

Як паведамляе мытня, група асоб арганізоўвала часовы ўвоз транспартных сродкаў на тэрыторыю ЕАЭС. У мэтах ухілення ад выплаты мытных плацяжоў на аўтамабілях відазмяняліся ідэнтыфікацыйныя VIN-нумары і для эксплуатацыі выкарыстоўваліся рэгістрацыйныя знакі ўжо зарэгістраваных транспартных сродкаў.

У выніку правядзення следчых мерапрыемстваў устаноўлены і затрыманы ўдзельнікі злачыннай групы: два жыхары Берасця 1968 і 1972 гадоў нараджэння, а таксама два грамадзяніны Украіны 1986 і 1976 гадоў нараджэння.

Канфіскаваныя сродкі, якія выкарыстоўваюцца для відазмянення VIN-нумароў, дакументы, таварна-матэрыяльныя каштоўнасці, іншыя прадметы, якія пацвярджаюць іх супрацьпраўную дзейнасць, а таксама увезеныя без выплаты мытных плацяжоў Toyota RAV-4 Hybrid 2018 года выпуску і Lexus 2012 года выпуску.

Берасцкйскай мытняй распачата справа па ч. 2 арт. 231 КК (ухіленне ад выплаты мытных плацяжоў групай асоб па папярэдняй змове).

Супрацоўнікі мытні працягваюць правядзенне аператыўна-вышуковых і неадкладных следчых дзеянняў, у тым ліку па высвятленні месцазнаходжання раней часова ўвезеных транспартных сродкаў, накладанні арыштаў на маёмасць для спагнання нявыплачаных мытных плацяжоў.

belapan.by