У Берасці створаны абласны камітэт руху за адмену дэкрэта № 3



У Берасці створаны абласны камітэт руху за адмену дэкрэта прэзідэнта № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”.

Як паведаміў БелаПАН член камітэта, бярозаўскі актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Кабанаў, у камітэт увайшло 30 чалавек. У іх ліку жыхары Брэста, Кобрына, Бярозы, Баранавічаў, Пружанаў, Івацэвічаў, Пінска і Драгічына.

„Чарговая акцыя супраць дэкрэта „аб дармаедах” плануецца ў Берасці 5 сакавіка. Іх правядзенне ў рэгіёне намячаецца да поўнай адмены гэтага дэкрэта”, — заявіў Кабанаў.

Першая акцыя супраць дэкрэта № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” адбылася ў Брэсце 19 лютага на плошчы Леніна. У ёй узялі ўдзел каля 100 чалавек. Спачатку яны прайшлі калонай па вуліцы Леніна ад вуліцы Міцкевіча да плошчы, дзе скандавалі „Не дэкрэту № 3” і „Ганьба!”.

Другая акцыя была арганізавана 26 лютага. Некалькі сотняў чалавек сабраліся на плошчы Леніна, дзе прайшоў мітынг. Яго ўдзельнікі гаварылі аб эканамічнай неплацежаздольнасці уладаў, праблемах з працаўладкаваннем, нізкай зарплаце і патрабавалі адмены дэкрэта „аб дармаедстве”.

Затым пратэстоўцы калонай прайшлі да будынка аблвыканкама, там таксама правялі мітынг і прымацавалі да будынка абласной адміністрацыі ўлётку з надпісам: „Баста!” Пасля гэтага каля 350 чалавек прайшлі па цэнтральных вуліцах горада — Пушкінскай і Савецкай.

Падчас акцыі таксама праходзіў збор подпісаў за адмену дэкрэта № 3.

БелаПАН