У Берасці судзяць палітвязня Алега Ардзюка



У Пінску праваабаронцы паспрабавалі наладзіць кантакт з маці палітвязня Алега Ардзюка, працэс над якім ідзе ў судзе Ленінскага раёна Берасця па „Пінскай справе”.

Яму пагражае да 8 гадоў зняволення.

„Маці Ардзюка, які і шэраг іншых сваякоў палітвязняў, знаходзіцца пад уплывам сілавікоў”, – гаворыць грамадская дзяячка Вераніка Іванова, якая адсочвае лёс арыштаваных пінчукоў:

– Нам нават удалося адшукаць яго маці, яна апрацаваная і запужаная. На яе аказваецца ціск, яна баіцца, што ў выпадку яе кантакту з намі з сынам будзе фізічная расправа. Я мяркую, што інфармацыю мы ўсё ж атрымаем, калі не ад яе, то з іншых крыніц. Можна казаць пра тое, што перамогу не святкуюць дзеючая ўлада і сілавыя структуры, яны стараюцца максімальна прыпыніць усе кантакты.

Па версіі следства Алег Ардзюк увечары 9 жніўня 2020 года браў удзел у масавых беспарадках і ў момант разгону дэманстрантаў пад будынкам Пінскага гарадскога выканкама кінуў у бок міліцыянтаў палку, а пасля жменю зямлі. Па „Пінскай справе” ужо асуджана 26 чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя