У Берасці сямігадовы хлопчык выжыў пасля падзення з сёмага паверха



У Берасці сямігадовы хлопчык выпаў з балкона сёмага паверха жылога дома на вуліцы Кастрычніцкай Рэвалюцыі.

Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УУС Берасцейскага аблвыканкама Сяргей Дучэнка, 9 траўня прыблізна а 16.00 дзіця выпала з балкона кватэры, дзе жыве з мамай, і ўпала на газон.

Хлопчык шпіталізаваны з пералом абедзвюх галёнак са зрушэннем, траўматычным шокам. Пагрозы яго жыццю няма.

Згодна з папярэднімі звесткамі, дзіця было дома адно, маці знаходзілася на працы.

Праверку праводзіць Берасцейскі міжраённы аддзел Следчага камітэта.