У Берасці ў грамадзяніна Іспаніі выкралі 26 тыс. даляраў ЗША



У Берасці ноччу 9 верасня абакралі двух іншаземцаў.

Як паведаміў БелаПАН начальнік крымінальнай міліцыі Ленінскага РАУС Берасця Дзмітрый Каравякоўскі, прыблізна ў 5.00 каля начнога клуба па праспекце Машэрава ў 28-гадовага грамадзяніна Іспаніі, жыхара горада Льарэт-дэ-Мар, быў выкрадзены кашалёк з 26 тыс. долараў ЗША і 700 беларускімі рублямі. Устаноўлена, што злачынства ўчынілі непрацоўныя 34-гадовы жыхар Берасця і 31-гадовы жыхар Берасцейскага раёна.

Супрацоўнікі міліцыі затрымалі іх вечарам 9 верасня ў Берасці, калі яны вярталіся з Польшчы. Берасцейскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта распачатая справа на падставе ч. 4 арт. 205 КК (крадзеж у асабліва буйным памеры).

У памяшканні таго ж начнога клуба з 2.00 да 2.40 з кішэні пінжака 46-гадовага грамадзянін ЗША, жыхара Вашынгтона, выкралі кашалёк са 100 доларамі ЗША і 220 рублямі. Праз некалькі гадзін супрацоўнікі міліцыі ў адной з начных устаноў горада затрымалі 23-гадовага непрацоўнага расіяніна, які здзейсніў крадзеж.

Берасцейскі міжраённым аддзелам Следчага камітэта распачатая справа на падставе ч. 1 арт. 205 КК (крадзеж).

belapan.by