У Берасці ўшанавалі памяць Алеся Чаркашына



Мерапрыемства па ўшанаванні памяці Алеся Чаркашына праходзіла на гадавіну смерці добраахвотніка ДУК ПС на могілках у Камяніцы-Жыравецкай. На ўшанаванне прыйшлі бацькі і брат Алеся, ягоныя сябры і паплечнікі па хрысціянскай дэмакратыі, і нават асабіста незнаёмыя з ім людзі. Кажа гісторык архітэктуры і актывістка Ірына Лаўроўская:

Ён пакінуў нам веру, пакінуў любоў сваю. І пакінуў надзею, што ёсць самае важнае. Ён ужо на тым баку, але ўмацаваўся як моцны слуп, як моцная калона, якая тут, у Берасці, стала на абарону нас сёння.

Над помнікам лунаў бел-чырвона-белы сцяг, з прайгравальніка гучалі песні Алеся Чаркашына, былі прадстаўлены ўкраінскія ўзнагароды. Мадэраваў мерапрыемства Павел Севярынец – палітык і даўні паплечнік Алеся:

У кожнага пакалення беларусаў за тысячу гадоў былі свае выклікі, былі свае пагрозы, былі свае ахвяры. Алесь ужо стаў у гэты шэраг. Можа быць, наперадзе шмат іншых ахвяраў, але я перакананы, што Алесь зрабіў у сваім жыцці абсалютна ўсё, каб гэтых ахвяраў не было.

Алесь Чаркашын – добраахвотнік, які ваяваў у зоне АТО на ўсходзе Украіны на баку Кіева. Быў цяжка паранены ў жніўні ў баі між вёскамі Старагнатаўка і Белакаменка. 28 жніўня Чаркашын памёр ад тых раненняў у шпіталі ў Запарожжы.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара