У Берасці выказваюцца супраць італьянскага квартала



У Берасці працягваецца змаганне за захаванне гісторыка-культурнага цэнтра. Напярэдадні прайшлі грамадскія абмеркаванні з удзелам прадстаўнікоў уладаў і жыхароў дамоў, што на перакрыжаванні вуліц Савецкая, Міцкевіча, Пушкінская і Камсамольская на прадмет будаўніцтва так званага італьянскага квартала пад інвестыцыйны праект.

Са словаў удзельнікаў сходу з боку грамадскай супольнасці, такі сход – гэта была спроба дыялогу паміж грамадскай супольнасцю і праўладнымі прадстаўнікамі:

– Сустрэча была вельмі карыснай для абодвух бакоў, таму што мы выказалі свае думкі. Гарвыканкам і іншыя ўстановы павінны зразумець, што яны зрабілі вельмі шмат памылак, якія могуць прывесці да непапраўных вынікаў – і пагаршэнню экалагічнага складніка ў горадзе, і шмат будзе непрыемных момантаў, якія праявяцца ў будучым.

– Адказаць улады не могуць ні на што, усё кажуць: мы спраўдзім, падайце вашыя заўвагі ў пісьмовым выглядзе, мы гэта высветлім. Зноў-такі не зразумела, што робіцца. У людзей накіпела.

Прадстаўнікі праўладнага боку адмовіліся ад афіцыйнага каментара для радыё. З іх словаў, няма ніякага парушэння канстытуцыйных правоў грамадзян у тым, што іх прымусова спрабуюць высяліць з іх кватэр, а таксама перакананыя, што інвестыцыйна дамова заключаная згодна заканадаўства і ў праекце будоўлі грубых парушэнняў няма.

На думку жыхароў горада, італьянскі праект нанясе шкоду экалогіі горада, камфорту яго жыхароў і створыць транспартныя праблемы.

24383_3

Беларускае Радыё Рацыя

Фота vb.by