У Берасці выяўлена 35 дзяцей-удзельнікаў „груп смерці” ў сацсетках



У Берасцейскай вобласці міліцыя выявіла 35 дзяцей і падлеткаў, якія былі ўдзельнікамі суіцыдальных груп у сацыяльных сетках, паведаміў БелаПАН начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Берасцейскага аблвыканкама Генадзь Вайтовіч.

„Узрост дзяцей ад 10 да 15 гадоў. З кожным з іх і з іх бацькамі працуюць спецыялісты-псіхолагі з адукацыі і аховы здароўя”, — сказаў Вайтовіч.

Паводле яго слоў, супрацоўнікі міліцыі блакуюць так званыя групы смерці, якія з’яўляюцца ў сацыяльнай сетцы, а таксама выяўляюць іх адміністратараў. У прыватнасці праводзіцца праверка ў дачыненні да аднаго з такіх адміністратараў. Ён жыве ў Баранавіцкім раёне. Паводле вынікаў праверкі будзе дадзеная юрыдычная ацэнка яго дзеянням.

Вайтовіч адзначыў, што з пачатку гэтага года ў вобласці здзейсніў суіцыд адзін падлетак, у 2016 годзе — восем.