У Берасці з сям’і, дзе памёр аднагадовы хлопчык, забралі двух дзяцей



Берасцейскі міжраённы аддзел Следчага камітэта высвятляе акалічнасці смерці хлопчыка 2016 года нараджэння.

Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Берасцейскай вобласці Марына Дранькова, вечарам 4 жніўня бацькі, якія пражываюць у Берасці, выклікалі хуткую дапамогу свайму сыну, які быў без прыкмет жыцця. У гэты час муж і жонка знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Медыкі канстатавалі смерць дзіцяці.

Папярэдняя прычына гібелі — пнеўманія, пры гэтым раней па медыцынскую дапамогу для сына бацькі не звярталіся.

Хлопчык пражываў з 30-гадовай маці, якая знаходзіцца ў адпачынку для догляду дзіця да трох гадоў, непрацуючым 47-гадовым бацькам, сястрой-блізнём (2016 года нараджэння) і братам (2008 г.н.).

Сям’я знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы з прычыны злоўжывання бацькамі спіртнымі напоямі. Раней дзеці неаднаразова змяшчаліся ва ўстанову аховы здароўя ў сувязі са знаходжаннем мужа і жонкі ў стане алкагольнага ап’янення. Аднак пасля бацькі звярталіся з заявамі аб іх вяртанні з прычыны выпраўлення.

Як паведамілі БелаПАН у аддзеле адукацыі, спорту і турызму Брэсцкага гарвыканкама, у суд пададзены іск аб прызнанні таго, што аднагадовая дзяўчынка і яе брат-школьнік маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, і пазбаўленні іх бацькоў бацькоўскіх правоў. Дзеці забраныя з сям’і і змешчаныя ў абласную дзіцячую бальніцу.