Наталля Папкова на волі (абноўлена)



Наталлю Папкову вызвалілі з Аддзела ўнутраных спраў адміністрацыі Ленінскага раёна Берасця. Пра гэта паведаміла сама грамадская актывістка адразу пасля свайго вызвалення:

-Калі я выходзіла з дому двое міліцыянтаў мяне затрымалі каля пад’езда. Не назвалі сябе, не сказалі за што затрымліваюць. Завязлі ў Ленінскі РАУС. Там патрабавалі тлумачэнняў, што я рабіла ў Менску цягам паўгода. Калі яны атрымалі тлумачэнні, яны мяне адпусцілі. 

Вядома, што Наталля Папкова збіралася трапіць на канцэрт шансанье Віктара Каліны, які вядомы сваімі выступамі на занятых сепаратыстамі тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласцей Украіны, каб выказаць свой пратэст. Прыкладна за гадзіну да пачатку яна была затрымана, а адпусцілі яе ў 20:40, акурат пад канец выступу Віктара Каліны. У міліцыі знаходжанне Папковай у іх не пацвердзілі. Сам канцэрт шансанье ахоўваў АМАП.

* * * 

Напярэдадні канцэрту шансанье Віктара Каліны ў Берасці знікла грамадская актывістка Наталля Папкова. У 17:45 праз facebook яна паведаміла журналістам, што „меня берут менты”. Адбылося гэта амаль паўтары гадзіны да пачатку канцэрта. Вядома, што актывістка выступала супраць выступу Віктара Каліны ў горадзе і збіралася „сустрэць яго з мегафонам” перад самім канцэртам. У сеціве таксама з’явілася відэа ад сведкі ейнага затрымання. На відэа бачна што невядомыя ў форме супрацоўнікаў міліцыі саджаюць актывістку ў чырвоны „Фольксваген” пасат універсал. Ад 17:48 і да цяперашняга часу мабільны тэлефон Папковай не адказвае. У Аддзеле ўнутраных спраў (АУС) адміністрацыі Ленінскага раёна Берасця паведамілі што Наталлю Папкову да іх не дастаўлялі, а нумар мясцовага Ізалятара часовага ўтрымання (ІЧУ) не адказвае:

РР: РАУС Ленінскага раёна Берасця? – Так. РР: Скажыце, калі ласка, Наталлю Папкову вам сёння не дастаўлялі? -Не, не дастаўлялі.

Тым часам канцэрт Віктара Каліны пачаўся без здарэнняў. На яго прышлі пераважна пенсіянеры і людзі сярэдняга ўзросту, агулам 100 чалавек. Акрамя таго, на ўваходзе ў Палац культуры прафсаюзаў знаходзіліся каля 10 чалавек АМАПу якія правяралі асабістыя рэчы кожнага хто ішоў на мерапрыемства.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце