У Берасці затрыманы і змешчаны ў ІЧУ мясцовы блогер Сяргей Пятрухін



У Берасці затрыманы мясцовы блогер Сяргей Пятрухін.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Уладзімір Вялічкін, 26 кастрычніка ў 16.00 Пятрухін па позве прыйшоў у Ленінскі РАУС Берасця і адтуль не выйшаў. „У 19.30 я патэлефанаваў у ізалятар часовага ўтрымання і мне паведамілі, што Пятрухін знаходзіцца ў іх”, — дадаў праваабаронца.

Ён нагадаў, што на гэты дзень і на такі ж час у Ленінскі РАУС выклікалі яшчэ аднаго мясцовага блогера — Аляксандра Кабанава. „Кабанаў у міліцыю не пайшоў, бо захварэў, — адзначыў праваабаронца. — Хутчэй за ўсё, іх абодвух хацелі затрымаць, таму што блогеры здымаюць відэа на плошчы Леніна ў Берасці, бо там па нядзелях збіраюцца праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода”.

Раней Пятрухіна і Кабанава, якія на інтэрнэт-рэсурсе Youtube у сваім праекце „Народны рэпарцёр” асвятляюць сітуацыю вакол будаўніцтва акумулятарнага завода, неаднаразова затрымлівалі і прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку па артыкуле 23.34 КоАП.

Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА „АйПаўэр” вядзецца на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Берасце”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі гэтага праекта і дамагаюцца прыпынення будаўніцтва.

Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені. Паводле дадзеных праваабаронцы Рамана Кісляка, за гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне 24 мітынгаў, 12 пікетаў і адной дэманстрацыі.

Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка мітынг „Берасцейкі супраць свінцу” на ўскраіне Берасця ў парку Воінаў-Інтэрнацыяналістаў, на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек.

З 25 лютага па нядзелях на плошчу Леніна ў Берасці прыходзяць праціўнікі акумулятарнага завода, каб абмеркаваць звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства навіны.