Берасцейскіх журналістаў Харытонаву і Леўчука адпусцілі з міліцыі без пратакола (абноўлена)



Затрыманых 25 сакавіка ў Берасці журналістаў Мілану Харытонаву і Алеся Леўчука адпусцілі з міліцыі, паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).

Паводле інфармацыі БАЖ, Харытонаву і Леўчука апыталі ў рамках справы па арт 23.5 КоАП (парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі). „Пратакол аб правапарушэнні яшчэ не складалі, ідзе праверка”, — гаворыцца ў паведамленні асацыяцыі. Адзначаецца, што ў журналістаў забралі тэлефоны.

Днём 25 сакавіка Харытонава паспела паведаміць у „Фэйсбуку”, што іх затрымалі, калі яны з Леўчуком выйшлі ў краму. Журналістаў павезлі ў АУС Маскоўскага раёна Берасця, ім ставілі ў віну працу без акрэдытацыі.

Ляўчук і Харытонава з’яўляюцца пазаштатнымі супрацоўнікамі інфармацыйнай кампаніі БелаПАН і маюць рэдакцыйныя пасведчанні.

***

У Берасці днём 25 сакавіка затрыманыя журналісты Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава.

Харытонава паспела паведаміць у „Фэйсбуку”, што гэта адбылося, калі яны выйшлі ў краму, абодвух павезлі ў АУС Маскоўскага раёна, абвінавачваюць у працы без акрэдытацыі.

Ляўчук і Харытонава з’яўляюцца пазаштатнымі супрацоўнікамі інфармацыйнай кампаніі БелаПАН і маюць рэдакцыйныя пасведчанні.

belapan.by