Затрыманых у Берасці журналістаў 2 гадзіны трымалі ў міліцыі



Затрыманых 3 сакавіка каля поўдня ў Берасці журналістаў Алеся Леўчука і Мілану Харытонаву пратрымалі ў міліцыі каля дзвюх гадзін. Пра гэта Ляўчук паведаміў БелаПАН.

Журналістаў затрымалі, калі яны выйшлі з дома і накіраваліся да прыпынку грамадскага транспарту, каб паехаць на плошчу Леніна, дзе па нядзелях збіраюцца праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода.

Як расказаў Ляўчук, затрыманне міліцыянеры правялі „даволі жорстка”. Паводле яго слоў, яны з’явіліся раптам — „падышлі з-за спіны”. Леўчуку, паводле яго слоў, „закруцілі рукі і правялі праз увесь раён”. Таксама, як паведаміў журналіст, яму пагражалі, што складуць пратакол за непадпарадкаванне міліцыі і ноч ён правядзе ў ізалятары.

У аддзяленні міліцыі журналістаў азнаёмілі з пратаколамі, складзенымі ў дачыненні да іх па ч. 2 арт. 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (праца на замежны СМІ без акрэдытацыі).

Як паведаміў Ляўчук, у агульнай складанасці за два дні ў дачыненні да іх было складзена пяць пратаколаў, на 4 сакавіка намечаны суд.

Паводле слоў Леўчука, у міліцыі іх пратрымалі дзве гадзіны, да таго часу, пакуль у цэнтры Берасця працягвалася чарговая сустрэча праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода. „Відавочна, што ўсё было зроблена, каб мы не патрапілі на сустрэчу праціўнікаў завода”, — лічыць ён.

* * * 

У Берасці на плошчы Леніна 3 сакавіка чарговы раз сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.

Паводле дадзеных праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, у 12.35 на плошчы знаходзілася каля 200 чалавек.

Не абышлося без затрыманняў. Як паведаміла Мілана Харытонава БелаПАН, яе і Алеся Леўчука затрымалі каля поўдня. Калі журналісты выйшлі з дома і накіраваліся да прыпынку грамадскага транспарту, каб паехаць на плошчу Леніна, дзе па нядзелях збіраюцца праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода, да іх падышлі трое супрацоўнікаў міліцыі.

Міліцыянеры прапанавалі прайсці з імі ў аддзяленне і азнаёміцца са складзеным у дачыненні да Леўчука і Харытонавай пратаколам па ч. 2 арт. 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (праца на замежны СМІ без акрэдытацыі).

Цяпер журналісты знаходзяцца ў аддзяленні, ніякіх працэсуальных дзеянняў супрацоўнікі міліцыі не праводзяць, паведаміла Харытонава.

Яна лічыць, што задача міліцыі — пратрымаць іх датуль, пакуль на плошчы ідзе чарговая сустрэча праціўнікаў завода. Гэтае мерапрыемства журналісты рэгулярна асвятляюць.

БелаПАН

[manual_related_posts]