У Берасці завяршаецца дабрачынная акцыя «Дзеці ў бядзе»



У Берасці завяршаецца дабрачынная акцыя «Дзеці ў бядзе». Яе мэта — падтрымка дзяцей з асаблівасцямі развіцця, геннымі захворваннямі або анкалогіяй. Валанцёры спачатку арганізоўваюць збор падарункаў для канкрэтных дзяцей згодна з іх пажаданнямі, а пасля віншуюць з дапамогай традыцыйных навагодніх персанажаў.

Кажа сёлетняя арганізатарка акцыі Алеся Кандрашук:

— Мы пераадзяваемся ў Дзеда Мароза і Снягурку, а сваіх кіроўцаў прадстаўляем як аленяў. Кажам, што нас прывезлі паўночныя алені. Робім невялікае прадстаўленне: загадкі, гульні, дорым падарункі.  

Акцыя «Дзеці ў бядзе» праходзіць у Берасці ўжо каля дзесяці гадоў. Нягледзячы на абмежаванасць рэсурсаў валанцёраў, акцыя год ад года пашыраецца на ўсё большую колькасць дзяцей. Сёлета святочныя экіпажы наведалі каля чатырох дзясяткаў хворых.

[Not a valid template]

Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара