У Берасці збіраюцца пабудаваць новы касцёл



Пра намеры будаўніцтва новага рыма-каталіцкага касцёлу ў Берасці паведамляе Facebook-старонка Берасцейскага гарвыканкама. 

Пакуль што ўстанова запрашае ахвотных далучыцца да грамадскага абмеркавання канцэпцыі пад назвай “Будаўніцтва храма Святога Казіміра ў горадзе Берасці”. Азнаёміцца з канцэпцыяй аб’екта можна з 29 красавіка да 13 траўня ў інфацэнтры ў будынку Берасцейскага гарвыканкама або на сайце.

Гараджане станоўча ўспрымаюць гэтую ідэю і ўзгадваюць часы, калі ў цэнтральным касцёле горада быў музей атэізма, і вернікам заходняй традыцыі не было куды пайсці:

– Я ў каталіцкім касцёле не часта быў. Астатні раз, як памятаю, калі вучыўся ў школе на экскурсію ў музей хадзіў. Для мяне цікава было, як добра зрабілі з такога бальшавіцкага ідэалагічнага сродка – сродак духоўнага жыцця Берасця.

Зараз у горадзе дзейнічаюць тры касцёлы: Крыжаўздзвіжанскі на плошчы Леніна, Святога Язэпа ў паўднёва-усходнім мікрараёне і касцёл імя Маці Божай на Кіеўцы. Калі праект будзе рэалізаваны, то гэта будзе чацьвёрты рыма-каталіцкі касцёл у Берасці і з’явіцца ён у паўднёва-заходнім мікрараёне.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фото: Берасцейскі гарвыканкам