У Берасці змагаюцца са сметнікамі



22 несанкцыянаваныя сметнікі выяўлены ў час грамадскай кампаніі “Знаходзь, фіксуй, дзейнічай!”. Пра гэта паведамілі прадстаўнікі Берасцейскага моладзевага грамадскага аб’яднання “Час зямлі” падчас Школы экалагічнага актывіста. “10 сметнікаў ужо ўдалося ліквідаваць, аднак цалкам праблему яшчэ не вырашылі”, – паведамляе кіраўнік аб’яднання Рыгор Цярэнцьеў.

Мы збіраемся вырашыць гэтую праблему ўвогуле. Хоць бы пакуль у нас тут, на Берасцейшчыне. Дзеля гэтага атрымалася сабрацца тым колам людзей, якім гэта неабыякава. Тым больш нас наведалі прадстаўнікі органаў нашай улады, якія адказваюць за выкананне прыродаахоўнага заканадаўства.

На сустрэчу Школы экаактывіста запрасілі і прадстаўнікоў мясцовых уладаў, якія непасрэдна займаюцца прыродаахоўчай дзейнасцю. «Такія дыялогі між уладамі і грамадскімі аб’яднаннямі станоўча ўплывае на вынікі ў прыватнасці нашай працы», – лічыць начальнік Берасцейскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Пётр Брыш:

Вельмі вялікая карысць. Чыму? Бо грамадскае аб’яднанне арганізуе і моладзь, і грамадскасць да праблемаў як горада, так і раёна, дзесьці яны дапамагаюць ачышчаць тэрыторыі. Карысць узаемавыгадная, але павінна быць і ўзаемапавага. Я думаю, што гэта праблема не толькі для Берасця, а для ўсёй рэспублікі. Чым больш актыўнай будзе грамадскасць, тым чысцей будзе.

Грамадскія актывісты ўзгаднілі алгарытм узаемадзеянняў з прадстаўнікамі прыродаахоўных органаў па далейшым змаганні з несанкцыянаванымі сметнікамі, у тым ліку і на ахоўных тэрыторыях. “Спадзяемся, што дамоўленасці з імі будуць дзейснымі”, – зазначылі экаактывісты.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара