Берасце: „кармленне галубоў” прайшло без затрыманняў



Каля 100 чалавек выйшлі на плошчу Леніна ў Берасці 12 траўня, каб „пакарміць галубоў” – традыцыйную акцыю пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода.

Побач з пратэстоўцамі на плошчы адбывалася рэпетыцыя сустрэчы алімпійскага агню да Еўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у чэрвені ў Беларусі, таму больш за палову тэрыторыі было агароджана.

Міліцыянты ў гукаўзмацняльнік папярэдзілі людзей, што арганізатараў незаконнага мітінгу прыцягнуць да адказнасці. Акрамя міліцыянтаў за пратэстам назіралі каля 10 чалавек у цывільным, некаторыя вялі здымкі пратэстоўцаў.

Пасля людзі рушылі па Пушкінскай на Савецкую і разышліся каля ЦУМа. 

На гэты раз абышлося без затрыманняў.

„Кармленне галубоў” адбываецца кожную нядзелю ўжо больш за год. На акцыю выходзілі ў розныя часы ад 15 да 400 чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце