У Берасці з’явіўся сонечны гадзіннік



На сутыку набярэжнай імя Францыска Скарыны і вуліцы Чырвонафлоцкай, што ў Берасці, у скверы ля ракі Мухавец з’явіўся новы мастацкі аб’ект – сонечны гадзіннік. Кампазіцыя аздоблена чырвоным гранітам з жалезнымі фігурамі існуючых і ўжо страчаных будынкаў горада, рымскімі лічбамі, стрэлкай з гербам і надпісам „1019-2019 Брэст”. Урачыста адкрываў аб’ект старшыня мясцовага гарвыканкама Аляксандр Рагачук:

– Задумка была добрая, і рэалізацыя яшчэ лепшая, чым мы чыкалі. Гэта прыклад удзелу суб’ектаў гаспадарання ў падрыхтоўцы да 1000-годдзя. Можна шмат малоць языком, пісаць каментары, быць незадаволеным, а тут рэальнае прадпрыемства з рэальнымі творчымі людзьмі зрабіла адзін з сімвалаў нашага горада.

„На выраб металічных элементаў аб’екта пайшло каля 7000 беларускіх рублёў і паўгода працы. Стрэлка гадзінніка арыентавана на палярную зорку, а ейны вугал з’яўляецца шыратой горада Берасця. 21 чэрвеня, у дзень сонцастаяння, час будзе карэктавацца”, – зазначылі выканаўцы работы.

[Not a valid template]

Два будынкі з шэрагу прадстаўленых у выглядзе фігур на берасцейскім сонечным гадзінніку з’яўляюцца страчанымі. Першы з іх – вежа-данжон, пра які Іпацьеўскі летапіс кажа: „В Берестье же седа столп камен высотою яко и каменецкий”, знаходзіўся непадалёк цяперашняга археалагічнага музея „Бярэсце”. Ад другога будынка – касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і кляштару бернардынак – засталіся толькі парэшткі на тэрыторыі Валынскага ўмацавання Берасцейскай крэпасці. Пра задуму змесціць фігуры гэтых будынкаў на гадзінніку кажа праекціроўшчык і мастак Мікалай Барашкоў:

Мы жывём на зямлі, на якой існаваў горад яшчэ ў далёкія часы, таму тут прадстаўлены старажытныя будынкі, якіх зараз няма, але яны былі. Нават Берасцейская вежа, якая зараз не існуе і няма дасканалага вобразу, якой яна была. Але ёсць версія, што яна была такой, якой мы яе тут паказалі. Гэта нагода для таго, каб паглядзець у інтэрнэце, гістарычных крыніцах, мапах і знайсці сапраўдную ісціну. Няхай людзі шукаюць, даведваюцца.

Мясцовыя ўлады і выканаўцы праекта зазначылі, што сонечны гадзіннік прыцягне як турыстаў, так і мясцовых жыхароў, якія цікавяцца гісторыяй і захочуць пабачыць, як прыкладна выглядала страчаная спадчына Берасця. Праект вырас у межах падрыхтоўкі да 1000-годдзя горада з ідэі кіраўніцтва жыллёва-камунальнай гаспадаркі Берасця.

Поўны гук слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце